Пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне стандартызацыі, метралогіі, пацвярджэння адпаведнасці і інфармацыйнага забеспячэння кіраўнікі арганізацый Аляксандр Скуратаў і Віктар Рулеўскі падпісалі 17 жніўня 2023 г. у рамках круглага стала «Стратэгічныя прыярытэты навукова-тэхналагічнага развіцця Расійскай Федэрацыі ў галіне стандартызацыі звышвысокачастотнай і сілавой электронікі». Мерапрыемства было арганізавана на палях форуму «Армія-2023» у Маскоўскай вобласці. У яго рабоце прынялі ўдзел прадстаўнікі Мінпрамгандлю Расійскай Федэрацыі, Расстандарта, універсітэтаў, навуковых інстытутаў і прадпрыемстваў Расіі і Беларусі.
Дакумент замацоўвае намеры супрацоўнічаць па пытаннях распрацоўкі і прымянення стандартаў і іншых нарматыўных дакументаў па стандартызацыі, навучальных дапаможнікаў і метадычных дакументаў. Бакі плануюць праводзіць работы па метралогіі, пацвярджэнні адпаведнасці і інфармацыйным забеспячэнні з улікам пазіцый на міждзяржаўным і міжнародным узроўні, а таксама рэалізоўваць сумесныя праекты.
Формамі супрацоўніцтва пазначаны сумесныя навукова-даследчыя работы, абмен інфармацыяй і вопытам, узаемныя кансультацыі і ўдзел у семінарах і канферэнцыях, падрыхтоўка персаналу.
Мэта дадзенага пагаднення – наладзіць эфектыўнае ўзаемадзеянне ў сферы распрацоўкі тэхнічных патрабаванняў для новых прадуктаў і тэхналогій, а таксама павышэння кампетэнтнасці персаналу.
У гэты ж дзень праведзена пасяджэнне расійскага ТК 328 «Звышвысокачастотная і сілавая электроніка». Абмеркаваны планы сумеснай работы з беларускім ТК BY 19 «Электратэхніка і электроніка» па распрацоўцы дакументаў у галіне звышвысокачастотнай (ЗВЧ) і сілавой электронікі. З гэтай мэтай у яго структуры мяркуецца стварыць адпаведны падкамітэт, сакратарыят якога будзе весці БелДІСС.
– Мы наладжваем канструктыўнае ўзаемадзеянне па напрамках дзейнасці, якая датычыцца ЗВЧ і сілавой электронікі, аб'ядноўваем намаганні і кампетэнтных спецыялістаў, каб сінхронна развіваць гэты напрамак, фарміраваць адзіныя патрабаванні, адзіную тэрміналогію, разам увасабляць тыя стратэгічныя рашэнні, якія дасягнуты на высокім узроўні. Безумоўна, гэтая інтэграцыя ўзмоцніць навуку, прамысловасць Рэспублікі Беларусь і Расіі, – падкрэсліў кіраўнік БелДІСС Аляксандр Скуратаў.
Як паведамлялася, 15 жніўня 2023 г. у г. Мінску адбылася сустрэча Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з губернатарам Томскай вобласці Расійскай Федэрацыі Уладзімірам Мазурам, на якой былі разгледжаны напрамкі для ўмацавання супрацоўніцтва. Асаблівая ўвага была ўдзелена навукова-адукацыйнай сферы і перадавым тэхналогіям. Томская вобласць уваходзіць у тройку лідэраў нацыянальнага навукова-тэхналагічнага рэйтынгу Расіі, а г. Томск называецца студэнцкай сталіцай.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падтрымаў прапанову губернатара Томскай вобласці Уладзіміра Мазура аб рэалізацыі новай сумеснай праграмы ў сферы прамысловай электронікі ў рамках Саюзнай дзяржавы. Яна прадугледжвае распрацоўку тэхналогій, тэхналагічнага і вымяральнага абсталявання, перспектыўнай фатоннай і ЗВЧ-электроннай кампанентнай базы.
Падпісанне пагаднення аб супрацоўніцтве паміж БелДІСС і Томскім дзяржаўным універсітэтам сістэм кіравання і радыёэлектронікі стане адным з першых крокаў па рэалізацыі гэтай праграмы. Па словах рэктара ўніверсітэта Віктара Рулеўскага, распрацоўваць сумесныя стандарты плануецца ў ходзе канкрэтных сумесных праектаў. У якасці аднаго з першых такіх праектаў прапрацоўваецца сумесная праца з ДНВА «Оптыка, оптаэлектроніка і лазерная тэхніка» Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Плануецца таксама падключыць прадпрыемствы «Планар», «Інтэграл», ВНУ, інстытуты Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
– Мы арыентуемся на тое, каб сумесныя стандарты працавалі на галіну і вытворцы канчатковых вырабаў – ад сельскагаспадарчай тэхнікі да беспілотнікаў, выкарыстоўваючы электронныя кампаненты, створаныя па адзіным рэгламенце, прызнаным у абедзвюх краінах, не трацілі час і рэсурсы на правядзенне дадатковых выпрабаванняў. Таму мы цяпер абмяркоўваем сумесны канкрэтны праект у сферы ЗВЧ і сілавой электронікі, які выступіць «ядром» для стварэння стандартаў, – расказаў Віктар Рулеўскі.
Выкарыстана інфармацыя belta.by, nasb.gov.by, tusur.ru