Рабочы візіт адбыўся 10 жніўня 2023 г. Яго ключавая тэма – аптымізацыя сістэмы перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі кадраў у сферы стандартызацыі, метралогіі і кіравання якасцю.
У сустрэчы прынялі ўдзел старшыня Дзяржстандарту Валянцін Татарыцкi, дырэктар БелДІСС Аляксандр Скуратаў і дырэктар БДIПК па стандартызацыі, метралогіі і кіраванні якасцю Ігар Таўгень.
Як вядома, функцыі перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі кадраў у сферы стандартызацыі, метралогіі і кіравання якасцю выконвае профільны інстытут, які знаходзіцца ў структуры Дзяржстандарту. Прычым аўдыторыя яго слухачоў не абмяжоўваецца спецыялістамі сістэмы: свае кампетэнцыі тут павышаюць спецыялісты розных галін эканомікі.
Старшыня Дзяржстандарту Валянцін Татарыцкі і кіраўнікі інстытутаў прадставілі прапановы па рэструктурызацыі дадзенай дзейнасці ў святле задач, пастаўленых Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, па аптымізацыі сістэмы перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі кадраў у краіне. Пры гэтым міністр эканомікі Аляксандр Чарвякоў звярнуў увагу, што для іх рэалізацыі неабходна прад'явіць важкія аргументы эканамічнай эфектыўнасці.
Далей у рамках візіту міністр эканомікі азнаёміўся з дзейнасцю БелДІСС як нацыянальнага інстытута стандартызацыі. Асаблівую ўвагу ён надаў наяўнай інфраструктуры для вядзення адукацыйнай дзейнасці. Наведаў пляцоўкі метралагічнага цэнтра, а таксама лабараторыі выпрабаванняў прадукцыі па параметрах электрабяспекі, энергаэфектыўнасці, электрамагнітнай сумяшчальнасці. Пабываў у фондзе, дзе захоўваюцца дзяржаўныя стандарты, і ўбачыў, як выглядалі першыя стандарты, прынятыя ў Савецкім Саюзе і БССР.
У выніку кола закранутых падчас візіту пытанняў было значна пашырана. У прыватнасці, закранулі такія аспекты, як важнасць распрацоўкі сучасных стандартаў для інавацый, імпартазамяшчэння і абароны рынку, удзелу прамысловасці ў працэсе распрацоўкі патрабаванняў і прасоўванні сваіх інтарэсаў. Дарэчы, Мінэканомікі ўзначальвае адзін з тэхнічных камітэтаў па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь: ТК BY 40 «Смарт-індустрыя». Нягледзячы на тое, што ён працуе толькі год, партфель распрацовак ужо налічвае пяць дзяржаўных стандартаў, яшчэ восем знаходзіцца ў распрацоўцы.
Аналіз дзеючай у рэспубліцы сістэмы перападрыхтоўкі кадраў праводзіцца міжведамаснай рабочай групай. Для выпрацоўкі прапаноў па яе аптымізацыі падрабязна вывучаюцца прапановы і абгрунтаваннi дзяржорганаў, у распараджэннi якіх знаходзяцца адпаведныя інстытуты перападрыхтоўкі і павышэння квалiфiкацыi кадраў.