Прадстаўнікі Томскага дзяржаўнага ўніверсітэта сістэм кіравання і радыёэлектронікі (ТУСКР) наведалі БелДІСС

Тэхнічнае нармiраванне і стандартызацыя
16.08.2023 16:46

Сустрэча адбылася 14 жнiўня 2023 г.

Дырэктар БелДІСС Аляксандр Скуратаў падрабязна расказаў гасцям аб напрамках дзейнасці iнстытута, асноўных выніках і перспектывах развіцця.

Рэктар ТУСКРа Віктар Рулеўскі і дырэктар НАЦ «Нанатэхналогіі» ТУСКРа Яўген Шасцерыкаў азнаёміліся з магчымасцямі БелДІСС па правядзенні выпрабаванняў па параметрах электрамагнітнай сумяшчальнасці транспартных сродкаў і прамысловага абсталявання, акустычным і іншым вымярэнням, наведалі вытворчы ўчастак.

Прафесійны інтарэс гасцей таксама выклікалі напрамкі стандартызацыі, у прыватнасці, па рабоце тэхнічнага камітэта па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь ТК BY 19 «Электратэхніка і электроніка», а таксама навучальнага цэнтра.

Рэктар ТУСКРа Віктар Рулеўскі, у сваю чаргу, прадставіў спектр работ універсітэта. Ён адзначыў, што навуковым даследаванням у ТУСКРы надаецца асаблівая ўвага, напрыклад у структуры ўніверсітэта дзейнічаюць навукова-даследчыя інстытуты аўтаматыкі і электрамеханікі, сістэм электрасувязі і радыётэхнічных, святлодыёдных і касмічных тэхналогій і інш. Функцыянуе і НАЦ «Нанатэхналогіі», заснаваны на базе ТУСКРа ў 2008 г. у рамках нацыянальнай нанатэхналагічнай сеткі. Цэнтр валодае ўнікальным абсталяваннем для праектавання і прататыпавання вырабаў нанаэлектронікі, і на яго аснове вядзецца стварэнне электроннай кампанентнай базы новага пакалення.

У актыве ТУСКРа – шматгадовае супрацоўніцтва з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі, БДУІР і беларускімі прадпрыемствамі.

Новым для ўніверсітэта напрамкам стала стварэнне тэхнічнага камітэта па стандартызацыі ТК 328 «Звышвысокачастотная і сілавая электроніка». Сёння ідуць актыўныя работы па распрацоўцы новых стандартаў у гэтых галінах. Напрыклад, у 2022 г. было падрыхтавана 3 стандарты, а ў 2023 г. запланавана 10 стандартаў. Віктар Рулеўскі прапанаваў аб'яднацца ў пытаннях распрацоўкі адзіных для Беларусі і Расіі стандартаў, каб прадукцыя, якая выпускаецца і ўкараняецца, не праходзіла дадатковых выпрабаванняў пры пастаўках на рынкі двух краін.

Сустрэча стала своеасаблівай зверкай пазіцый перад заключэннем пагаднення аб супрацоўніцтве ў галіне стандартызацыі, метралогіі, пацвярджэння адпаведнасці і інфармацыйнага забеспячэння паміж ТУСКР і БелДІСС. Чакаецца, што яно будзе падпісана 17 жніўня 2023 г. у ходзе круглага стала «Стратэгічныя прыярытэты навукова-тэхналагічнага развіцця Расійскай Федэрацыі ў галіне стандартызацыі звышвысокачастотнай і сілавой электронікі» ў рамках дзелавой праграмы форуму «Армія-2023», які праходзіць з 14 па 20 жніўня 2023 г. у Маскоўскай вобласці.

Напрамкі развіцця супрацоўніцтва Томскай вобласці Расійскай Федэрацыі з Беларуссю сталі тэмай сустрэчы губернатара гэтага рэгіёна Уладзіміра Мазура з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам 15 жніўня 2023 г. у Мінску.

успешно отправлено