Знак «Натуральны прадукт» як спосаб выгаднага пазіцыянавання прадукцыі

Тэхнічнае нармiраванне і стандартызацыя
29.05.2023 12:14

 

 

 


Аб гэтым спосабе расказала начальнік аддзела тэхнічнага нарміравання і стандартызацыі харчовай і сельскагаспадарчай прадукцыі БелДІСС Людміла Скарына, асвятліўшы пытанні доказу адметных прыкмет кандытарскіх вырабаў у рамках маркіроўкі знакам «Натуральны прадукт» на 2-м Міжнародным сімпозіуме кандытараў FOOD PROM CONFECTIONERY 2023.

Не сакрэт, што любому вытворцу жадаецца паказаць сваю прадукцыю ў лепшым святле ў параўнанні з прадукцыяй канкурэнта. Часам пакупнік бачыць на этыкетках надпісы: «Натуральны прадукт», «100% натуральны», «Зроблены з натуральнай сыравіны» і інш. А ці ёсць доказы, што гэта так насамрэч?

Цяпер на тэрыторыі дзяржаў – членаў ЕАЭС маркіроўка харчовай прадукцыі рэгламентуецца патрабаваннямі тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза «Харчовая прадукцыя ў частцы яе маркіроўкі» (ТР МС 022/2011). Акрамя патрабаванняў да абавязковай інфармацыі, у ім прадугледжана магчымасць для вытворцы расказаць аб прадукце больш, падаўшы звесткі аб адметных прыкметах. У адным з дадаткаў да ТР МС 022/2011 распісаны ўмовы выкарыстання такой інфармацыі. Разам з тым вытворца можа ўказаць і іншыя прыкметы. У любым выпадку дадзеная інфармацыя павінна быць пацверджана доказамі.

Напрыклад, у Беларусі доказам таго, што прадукт натуральны, можа служыць сертыфікат на права яго маркіроўкі адпаведным знакам.

Крытэрыі натуральнасці, парадак атрымання знака «Натуральны прадукт», правілы маркіроўкі ўстаноўлены ў ТКП 126-2016 «Харчовая прадукцыя. Правілы маркіроўкі знакам «Натуральны прадукт». Асноўныя палажэнні». Дадзеная маркіроўка носіць добраахвотны характар.

Прадукцыя, маркіраваная знакам «Натуральны прадукт», выраблена без прымянення харчовых дабавак (за выключэннем некаторых найменняў), араматызатараў, іянізавальнага выпраменьвання, метадаў геннай інжынерыі, нанатэхналогій. Таксама патрабаванні да сыравіны выключаюць ужыванне да жывёл гарманальных прэпаратаў, фармакалагічных стымулятараў росту, а да раслін – гідрапоннай вытворчасці, сінтэтычных стымулятараў росту, мінеральных азотных угнаенняў і інш.

Сёння дзейнічае 129 сертыфікатаў на 377 відаў прадукцыі, выдадзеных 43 беларускім арганізацыям на права маркіроўкі знакам «Натуральны прадукт».

З інфармацыяй аб такой прадукцыі і парадку атрымання права маркіроўкі можна азнаёміцца на рэсурсе ЯКАСЦЬ.БЕЛ у раздзеле «Натуральны прадукт».

Людміла Скарына запрасіла вытворцаў кандытарскіх вырабаў атрымаць канкурэнтныя перавагі для сваёй прадукцыі, скарыстаўшыся ўдзелам у гэтым праекце, што выклікала ва ўдзельнікаў сесіі непадробную цікавасць.


FOOD PROM CONFECTIONERY 2023 праходзіў 24 – 25 мая 2023 г. у г. Мінску. Мерапрыемства сабрала прадстаўнікоў кандытарскай і сумежных галін з Беларусі і Расійскай Федэрацыі.

Арганізатары сімпозіума – канцэрн «Белдзяржхарчпрам», Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, часопіс "Пекар&Кандытар" пры падтрымцы цэлага шэрага арганізацый, у тым ліку Дзяржстандарта.

Адны з важных задач сімпозіума – папулярызацыя айчынных тавараў і пошук шляхоў павышэння экспартнага патэнцыялу. Акрамя таго, удзельнікі абмеркавалі пытанні інтэграцыі, практычнага ўзаемадзеяння, перспектывы развіцця кандытарскай галіны, абмяняліся вопытам, азнаёміліся з інавацыямі і дасягненнямі ў галіне тэхналогій і абсталявання, а таксама мелі магчымасць наладзіць прамыя кантакты з вытворцамі, рытэйлам і пастаўшчыкамі.

 

 

 

успешно отправлено